Вернуться на главную страницу сайта    Вернуться на главную раздела

  

Газета "Баранавiцкi футбол". №1. август 2003.

"Футбол для спагадачоў"
Гутарка з Андрэем Хлебасолавым (галоўны трэнер ФК "Баранавiчы).

 

    Андрэй Мікалаевіч, распавядзіце, калі ласка, на пачатку крыху аб сваёй футбольнай кар’еры.
    Я выхаванец вядомага ў горадзе трэнера Чарняка В.В. Гуляць пачаў у Баранавічах. Футбольная кар’ера мая складвалася так, што я пайграў на Украіне, у Расіі, у Польшчы ў камандзе Вышэйшай лігі “Вісла” (Кракаў). Доўгі час гуляў у “Белшыне”, дзе і скончыў сваю кар’еру іграка. Пасля чаго скончыў Маскоўскую вышэйшую школу трэнераў. У “Белшыне” мне прапанавалі ролю другога трэнера. Тут паступіла прапанова ад Чарняка Валерыя Вячаслававіча ўзначаліць каманду. Натуральна, я запытаўся пра мэты каманды. Мне адказалі, што адназначна – выхад у першую лігу. Пасля гэтага я ўжо пагадзіўся. Калі каманда мае мэту, то прыемна працаваць, ведаючы, што ты патрэбен. Атрымалася, што тут я пачынаў кар’еру іграка і тут пачынаю як трэнер.

    А як трэнер каманды вышэйшай лігі не баяўся ісці ў другую лігу?
    Я думаю, што нічога ганебнага ў гэтым няма. Яшчэ раз паўтаруся, што калі ёсць мэта ў каманды, то трэнэру прыемна працаваць і дасягаць пастаўленых задач.

    Вы прыйшлі ў каманду, у ўжо існуючы калектыў. Прыход новага трэнера непазбежна выклікае пэўныя перастаноўкі, прагляд ігракоў. Што было зроблена?
    Пад час падрыхтоўкі перад сезонам мы мелі шмат спарынгаў. Я праглядаў ігракоў, ацэньваў іх узровень з пункту гледжання карысці для рэалізацыі пастаўленай задачы. Меў час заняцца камплектацыяй каманды. Хтосьці не падышоў, некаторыя добрыя ігракі сышлі. На гэтыя пазіцыі, якія былі аслабленыя знайшлі людзей. Вы ведаеце, што мы ўзялі Путраша, Хрыпача, Свіркова.

    А як склаліся чалавечыя стасункі з ігракамі? Як яны ўспрынялі Ваш прыход на пасаду?
    Перш-наперш такія пытанні трэба задаваць самім ігракам. Толькі яны могуць сказаць, як ставяцца да трэнера. Калі ж сыходзіць з працы, то я бачу, што хлопцы з разуменнем ставяцца да пастаўленых задач. І, самае галоўнае, бачна, што яны выкладаюцца на ўсе 100 і нават 110%. Бачна стаўленне да задачы, да трэнера. І, гледзячы па гульні, думаю, што стаўленне някепскае. У мяне асабіста добрыя стасункі як з моладдзю, так і з больш старэйшымі футбалістамі, з тымі, з кім сам нават гуляў. Па-іншаму і не можа быць. У мяне не будзе ніколі, каб былі сур’ёзныя нявырашаныя канфлікты з ігракамі, ці нешта яшчэ.

    Ніхто не хавае, што каманда ставіць сабе планы выйсці ў першую лігу. А ці ставіліся планы на больш далёкую перспектыву?
    Мы размаўлялі з кіраўніцтвам горада і вырашылі не рабіць усё скачкамі. Пагадзіліся з маёй думкай, што не проста каманда мусіць выходзіць ў першую ці вышэйшую лігу. Я хачу, каб клуб разам з камандай ішоў угару. Каб гэта быў менавіта клуб. Са сваёй інфраструкту¬рай, з фінансавым падмуркам, са спонсарамі, а не проста каманда. Можна, канешне, паставіць задачу і, не будуючы інфраструктуры, выйсці... Але перакупяць ігракоў — і з чым надалей каманда застанецца? Ні з чым.

    У сувязі з гэтым, як Вы асабіста бачыце клуб? Гэта каманда з добрым даходам ці нешта іншае?
    Клуб – гэта значна шырэй. Гэта і развіцце дзіцячага футбола, пабудова палёў. Трэба, каб у нашым горадзе было як найменей 2-3 трэніровачных поля. Гэта і камерцыйная дзейнасць. Таксама спонсарская дапамога. Вельмі вялікая праграма, на якую патрэбен час. Мусіць ісці паступовае развіццё ўсіх структур. І тады можна ставіць пытанне аб выхадзе ў вышэйшую лігу.

    Ці не баіцеся Вы, што паміж сезонамі вядучым ігракам паступяць вельмі выгодныя прапановы па пераходу ў іншыя клубы і яны пагодзяцца?
    Я думаю, што не. Тыя ігракі, якія гуляюць цяпер, былі запрошаны. Я думаю, што яны не падвядуць і застануцца. А на некаторыя пазіцыі мы самі будзем шукаць дадатковых ігракоў, бо трэба ўмацоўвацца.

    А мясцовы запас для каманды праглядаецца?
    На жаль, раней гэтым ніхто не займаўся. Адыход футбалістаў быў вельмі вялікі. Людзі проста сыходзілі з горада. З наступнага года будзе кантрактная сістэма. Усе футбалісты будуць заключаць кантракты. Для юнакоў прадугледжана магчымасць заключаць кантракты з бацькамі, магчымасць прайсці праз наш клуб. Гэта карысна як ім, так і нам.

    У гэтым годзе на футбол у Баранавічах пачало прыходзіць шмат людзей. Як Вы адчулі гэтую змену?
    Я думаю, што заўсёды, калі каманда мае станоўчыя вынікі і, самае галоўнае, калі ёсьць добрая гульня, то гэта падабаецца. Падабаецца і тое, што мы забілі на сёння 50 галоў, што ёсць пазнавальны малюнак гульні.
Мы гуляем у футбол для гледачоў. Гэта адназначна. Я сам гуляў і ведаю розніцу паміж тым, калі балельшчыкаў 100 чалавек і калі 10 000. Гэта велічэзная падтрымка для саміх ігракоў. Калі трыбуны закрычаць, падтрымліваючы каманду, дзе ж утрымацца? Ногі самі нясуць. Робіш нават тое, што не ўмеў рабіць. Падтрымка балельшчыкаў моцна ўплывае на рэзультат каманды.
    Гледачоў прыходзіць усё болей і болей. Маштабамі наведвання матчаў нашыя гледачы здзівілі ўжо ўсю Беларусь. Кажуць, што столькі прыхільнікаў не прыходзіць на матчы камандаў вышэйшай лігі.
    Гэта кажа шмат аб чым. У тым ліку і аб працы, якая ідзе ў камандзе. Гэта паказчык правільнасці такой работы. Таму мы будзем старацца надалей прывабліваць балельшчыкаў сваёй гульнёй. Старацца, каб на нашыя матчы хадзіла яшчэ болей людзей.

    У балельшчыкаў заўсёды ёсць свае “любімцы”. Ці заўважаеце Вы сімпатыі прыхільннікаў футбола да некаторых ігракоў?
    Хацелася б, каб у камандзе было болей мясцовых ігракоў. Таму ў наступным годзе будзем імкнуцца весці перамовы, каб тыя добрыя ігракі, якія пакінулі каманду, у наступным годзе вярнуліся. Па ўзроўню гульні яны могуць гуляць і ў першай, і ў вышэйшай лізе.
    Што тычыцца любімчыкаў, то кожнаму гледачу, падабаецца адзін-два ігракі. Кожны мае сваю думку. Таму гледачы маюць права выказваць яе, абмяркоўваць. Але калі прызначаецца склад каманды на гульню, то тут падыход толькі з прафесійнага пункту гледжання, найперш з інтарэсаў каманды.
   

    І нарэшце, апошняе пытанне. Як бы Вы ацанілі нашых балельшчыкаў, ці ёсць у клуба планы па працы са сваімі прыхільнікамі?
    Па колькасці мне проста прыемна глядзець, колькі прыходзіць людзей. Балеюць цудоўна. Бо нават калі каманда адрэзкамі паказвае не той футбол, у які гуляем, усё адно балельшчыкі падтрымліваюць каманду. З разуменнем ставяцца да тых ці іншых праблемаў. Падабаюцца мне балельшчыкі. Але хацеў бы я бачыць іх арганізаванымі. Так мы будзем ствараць фан-клуб. Будзе прадстаўляцца атрыбутыка ад барабанаў да шалікаў. Каб гэта было і ім весялей. Пастараемся іх прыапрануць: кепачкі, кашулькі, шалікі. Каб было прыгожа. І самае галоўнае, дабудаваць трыбуну, каб пасадзіць балельшчыкаў. Балельшчыкі мусяць адчуць сабе ўтульна. Яны гэтага заслугоўваюць.

Гутарку вялі: Алесь Пікула, Ігар Тышкевіч
 

  Rambler's Top100