Вернуться на главную страницу сайта    Вернуться на главную раздела

  

Газета "Баранавiцкi футбол". №4. сентябрь 2003.

"Каманда ў нас заўсёды была добрай"
Гутарка з Андрэем Кіпрам (паўзахiснiк ФК "Баранавiчы").


    Першае пытанне да капітана. Што б Вы сказалі аб камандзе?
    Каманда ў нас заўсёды была добрай. Але, на жаль, заўсёды трохі не хапала да поспеху. У гэтым годзе прыйшоў новы трэнер – Хлебасолаў Андрэй Мікалаевіч. Арганізацыя каманды стала на парадак вышэй. Таму мне падаецца, што ў гэтым годзе можам выйсці ў першую лігу.


    А ў чым выяўляецца “лепшая арганізацыя”?
    Арганізацыя – гэта дысцыпліна, правядзенне навучальна-трэніровачнага працэса, наагул адносіны. Хлебасолаў пайграў і ў вышэйшай лізе і за межамі, правеў некалькі матчаў за зборную Беларусі. Ён бачыў, чым жывуць моцныя клубы і на падставе гэтага свайго досведа пачаў пераносіць лепшае ў наш клуб. Ігракі ж выконваюць тое, што ён раіць.
   

    А як каманда ўспрыняла трэнера?
    Цудоўна. Бо чалавек некалькі разоў быў лепшым бамбардзірам чэмпіяната ў вышэйшай лізе. Футбалісты ўсе яго паважаюць. Трэнер – аўтарытэт і з ім можна і трэба працаваць. Нармальны футбаліст разумее, што добры трэнер можа многае даць для развіцця навыкаў і будзе працаваць незалежна ад сваіх сімпатый ці антыпатый. Тады будзе вынік.
   

    У гэтым годзе пачалося мяняцца й стаўленне жыхароў горад да футбола. Што б вы сказалі аб сваіх балельшчыках?
    Балельшчыкі ў нас вельмі добрыя, бо і ў 30-ці градусную спёку і калі дождж, яны стаяць і падтрымліваюць нас. Мы ўсе вельмі рады гэтаму. Проста цудоўна. Перад матчам з “Шахцёрам” шмат людзей падыходзілі самі й казалі: “Мы прыйдзем”, “Абавязкова будзем”. І чым болей мы будзем прывозіць у горад такіх супернікаў, тым больш будзе людзей.
   

    Калі крануцца той гульні, то які быў настрой?
    Усе хлопцы былі настроены на тое, каб перамагчы. Кубкавыя матчы заўсёды вызначаюцца адмысловай барацьбой. Дастаткова сказаць, што па выніках адной гульні можна перамагчы і “Шахцёра”, і каманды больш высокага ўзроўня. У той жа час мы разумелі, што гуляем з камандай вышэйшай лігі, каторая займае вядучыя пазіцыі ў нашым чэмпіянаце. Ведалі, што будзе вельмі й вельмі цяжка. Ігракі “Шахцёра” дасведчаныя, гулялі і ў кубках, і за зборную. Гульня й паказала, што цяжка гуляць з такім супернікам, асабліва фізічна.
    Пасля матча прэзідэнт клуба, трэнер сказалі, што нічога трагічнага не адбылося, трэба рыхтавацца да наступных гульняў. Асноўная наша задача – выхад у першую лігу. А тое, што не прайшлі цяпер у кубак, то ў нас усё яшчэ наперадзе. У ігракоў, безумоўна, пэўны асадак застаўся, бо вельмі хацелася выйграць у такога знакамітага клуба.


    Вы напачатку сказалі: “Мы можам выйсці ў першую лігу”. Гэта ўпэўненасць каманды “на ўсе 100”?
    Па настрою каманды мы не думаем, што выхад у першую лігу будзе лёгкім. Усе ведаюць, што гэта зрабіць цяжка. Але працуем на полі да канца. Без упэўненасці таксама цяжка. Дзесьці мы і ўпэўнены, што выйдзем, а час ад часу і разумеем, што расслабляцца нельга. Усяк можа здарыцца. Напрыклад, пасля кругавога турніра паміж чатырма мацнейшымі камандамі будзе розыгрыш права пераходу ў першую лігу. Там усе й вырашыцца.
 

    Дарэчы, а як паставіліся да такога новаўвядзення ігракі каманды?
    Хацелася б, канешне, адразу, без дадатковых гульняў выйсці. Зараз мы йдзем на першым месцы і па выніках кругавога турніра пераходзілі б адразу. Але такі рэгламент. Нічога не зробіш.
   

    Што б хацелася ў бліжэйшы сезон? Ад каманды? Ад балельшчыкаў?
    Перш за ўсё хацелася б выйсці ў першую лігу. А там для пачатку замацавацца, не быць “хлопчыкамі для біцця”. Дастойна выступіць, затым, натуральна, ставіць больш высокія задачы.
    Ад балельшчыкаў? Найперш падтрымкі. Хацелася б, каб быў у нас добры стадыён. А калі будзе стадыён, то балельшчыкаў у першай лізе прыйдзе яшчэ болей. Звычайна, калі размаўляеш з людзямі, бачыш – любяць у нас людзі футбол.
   

 Rambler's Top100