Вернуться на главную страницу сайта    Вернуться на главную раздела

  

Газета "Баранавiцкi футбол". 5. 8.10.2003.

"Перамагае мацнейшы"
Гутарка з Уладзiмiрам Міхальцовым (паўзахiснiком ФК "Баранавiчы").


    — Як удалося, гэтак кажучы, выбухнуць галамі ў фінальным турніры? Забіць за тры гульні столькі ж, колькі за ўвесь рэгулярны сезон! Ці гэта так званае “другое дыханне”?
    — Так выйшла, бо нашай камандзе вельмі ж хацелася перамагчы, магчыма мне пашанцавала больш, як іншым футбалістам. Ведама, ўсе хацелі забіць як найболей і з кожнага моманта выціскалі ўсё, што маглі. Асабліва ўсе стараліся добра гуляць у гасцях у Шклове.


    — Нават з такім запасам ачкоў каманда вырашыла не адкладаць праблемы, а зрабіць усё ў першых гульнях плэй-офф?
    — Так.


    — А цяпер, калі справа ўжо зроблена, ці не “размякне” каманда?
    — Дома заўсёды гуляць больш адказна, бо прыйдуць нашы прыхільнікі і мы, безумоўна, будзем старацца паказаць прыгожы футбол. Адзіная праблема ў нас — траўмы ў некалькіх важнейшых гульцоў. Толькі з гэтае прычыны могуць быць цяжкасці. А так настрой ува ўсіх баявы, і мы разумеем, што да канца чэмпіянату яшчэ чатыры гульні і трэба старацца гуляць ува ўсіх матчах так, як павінен гуляць лідэр.


    — А ці адсвяткавалі вы апошнюю перамогу і фактычны пераход у Першую лігу?
    — Ведама, адсвяткавалі чыста сімвалічна. Паўтару, што наперадзе яшчэ гульні і ні ў якім разе нельга расслабляцца.


    — А з другога месца ня хочацца ўваходзіць ў Першую лігу?
    — Цяпер такая турнірная сітуацыя, што мы, здаецца, ужо ў любым выпадку першыя. Хучэй за ўсё гэта будзе так, і я думаю, што мы будзем першымі.


    — А як, Уладзімір, Вы трапілі ў каманду?
    — Сам я кіяўлянін. Пачаў гуляць у футбол з сямі гадоў у Кіеве. Спачатку ў “Змене” пры ДЮСШ. Потым у спартыўным інтэрнаце, пасля трапіў у дубль кіеўскага “Дынама” і гуляў там амаль два гады. Потым была траўма калена, апендыцыт. Пайшоў у войска і патрапіў служыць сюды, у Баранавічы. Застаўся тут жыць, пазнаёміўся з сваёй будучай жонкай. У той час у Баранавічах была каманда “Хімік”, якая гуляла ў 1990–1991 гадах. Наагул гэта была добрая каманда і калі пачаўся незалежны чэмпіянат Беларусі, то мы заваявалі права гуляць у Першай лізе. Каманда ўжо мусіла гуляць ў Першай лізе, але з прычыны фінансавых цяжкасцяў “Хімік” разваліўся. У нас была вельмі добрая каманда і шмат хто з галоўных гульцоў проста з’ехаў, шукаць футбольнага шчасця. Чацвёра паехалі ў Слонім і паднялі мясцовы футбольны клуб з Другой амаль да Вышэйшай лігі. Я з’ехаў у Ліду, дзе адгуляў пяць гадоў — ад 1991 да 1995-га. Пасля трапіў у мінскае “Тарпеда”, потым год гуляў у Крамянчугу. І ўжо ў 1999 г., калі Валеры Нікадзімавіч Красоўскі прыняў баранавіцкую каманду, я вырашыў застацца ў ФК “Баранавічы”.
   

    — А як жонка ставіцца да занятку мужа?
    — Як і ўсе жонкі футбалістаў балее за нас.
   

    — Ходзіць на стадыён?
    — На фарт яна не прыходзіць. Сын жа амаль на кожную гульню прыходзіць, а як у яго не выходзіла прыйсці, то мы няўдала гулялі. Ён фартовы.

 
    — А ці ўжо сочыце за камандамі з Першае лігі і тымі, што вылятуць з Вышэйшай у Першую?
    — Трэнеры можа і сочаць. А так, да гэтага яшчэ далёка, яшчэ трэба ўсё адгуляць тут. Гэта будзе ўжо задача трэнераў — добра ўкамплектаваць каманду. Узровень Першае лігі такі: чатыры каманды борацца за тое, каб выйсці ў першую лігу, камандаў з шэсць стараюцца ня выляцець, рэшта гуляе ўжо не першы год, “старажылы”, і, праўду кажучы, гуляюць, не ставячы сабе ніякай мэты. Вось такі цяпер узровень беларускага футболу.
  

    — Але наш клуб будзе ставіць сабе нейкую мэту?
    — Ведама. У нас не будзе мэты проста ўтрымацца, а замацавацца. Нават з далейшай перспектывай на Вышэйшую лігу.
   

    — І наастатак, што, Уладзімір, Вы пажадаеце нашай газеце?
    — Павялічыць фармат, тыраж і кола прыхільнікаў, чытачоў. Неблагая газета. А яшчэ праз газету хацеў бы падзякаваць нашым прыхільнікам, бо такіх, як нашы, мала дзе можна знайсці. Вялікі ім дзякуй! Мы добра гулялі, бо ведалі, што людзі прыходзяць і нельга, каб іх засмуціла наша гульня. І я думаю, што яны на нас не крыўдуюць. Бо мы аддавалі ўсе сілы на кожнай гульні. Мы болей за іншыя каманды хацелі перамагчы і перамаглі. Я думаю, гэта справядліва — перамагае мацнейшы.
   

 Rambler's Top100