Вернуться на главную страницу сайта    Вернуться на главную раздела

  

Газета "Баранавiцкi футбол". 2 (8). 13.08.2004.

Интервью с Владимиром Путрашом (нападающий ФК "Барановичи").

 

    Уладзімір, сярод спагадачоў ФК “Баранавічы” вы — адзін з найбольш вядомых гульцоў. Ацэнкі вашае гульні розьняцца ад самых цудоўных да ня надта прыемных. У сувязі з гэтым кім Вы сябе адчуваеце улюблёнцам публікі ці адным з гульцоў каманды?
    - Перш за ўсё я гулец каманды. Што датычна стаўленьня да маёй гульні, то розная рэакцыя спагадачоў досыць звыклая. У любым горадзе ёсьць людзі каму ты падабаешся а каму не.

 
    Вельмі часта посьпех каманды прыпісваюць таму хто забівае. Сёлета вы ня так часта як летась радуеце галамі. З чым гэта зьвязана?
    - У гэтым годзе для мяне нязвыкла, што я пачынаю гульню з лавы запасных. Ёсьць свая спэцыфіка калі ты выходзіш на замену. Акрамя таго у параўнаньні з мінулым сезонам нашая каманда значна аднавілася. Адпаведна такога ўзаемаразуменьня як летась пакуль няма. Колькасьць момантаў дзесьці зменшылася. Меней стала і галоў.


    А як гульцы ставяцца да таго, што меней выйграюць?
    - Мы не звыклі прайграваць. Таму натуральна, што пасьля паразаў каманда трохі падаўлена. Да прыкладу, сэрыя з некалькіх запар паразаў у мінулым туры нас у чымсьці шакавала. Асабліва, калі ўлічыць, што па гульні мы не выглядалі слабей за суперніка. Шукалі прычыны, аднак хутка выправіць сытуацыю не атрымлівалася.


    Некаторыя спагадачы бачылі прычыну ў перастаноўках на полі. У прыватнасьці ў тым, што вы выходзіце толькі на замену. Нават пісалі адкрыты ліст праз газэту.
    - Гэта асабістае меркаваньне спагадачоў. Любы ж гулец хоча выходзіць на поле як найчасьцей. Не выключэньн і я. Што ж датычна ліста у газэту “Intex-press”, то ў ім багата недакладнасьцяў. Аўтары узгадваюць тых, хто ўжо год не гуляе, часам блытаюцца нават у імёнах гульцоў. Таму з аднаго боку прыемна, што за нашымі выступамі сочаць. А з другога, хацелася б каб спагадачы былі больш уважлівымі. Па цяперашняму стану хачу сказаць што мы маем іншы склад і трэба абапірацца на тых хто зараз у камандзе.


    Кранаючыся зьмены складу ФК “Баранавічы”. Як бы Вы ахарактарызавалі цяперашнія узаемаадносіны між гульцамі?
    - Узаемаадносіны ў камандзе... Хутчэй працоўныя. Кепскімі іх назваць ні ў якім разе нельга. Але каб у нас была вельмі дружная каманда, то сёньня на месцы “Лакаматыва” мусіць былі б мы. Трэба памятаць, што зьявілася шмат новых гульцоў. Яны па-рознаму уваходзяць у каманду. Хтосьці хутчэй дасягнуў узаемаразуменьня і пабудаваў добрыя адносіны з іншымі. У кагосьці гэта заняло трохі болей часу. Адной з прычынаў паразаў можна было б назваць і тое, што маладыя гульцы прагрэсавалі ня так хутка як спадзяваліся іншыя.

 

    Узаемаадносіны залежаць і ад стаўленьня гульца да футбола. Што для Вас футбол і выступы за ФК “Баранавічы”?
    - Праца. А паколькі з 14 год гэта мая прафесія, то футбол – значная частка майго жыцьця. Што датычна ФК “Баранавічы”, то запрашэньне сюды дазволіла акунуцца ў атмасферу лепшых маіх год у чэмпіянатах Беларусі ў вышэйшай лізе. Гэта і старыя сябры і леташнія задачы па выхаду ў першую лігу і цяперашняя гульня. Можна сказаць карацей – крок у маладосьць.


    Як доўга Вы жадаеце яшчэ актыўна гуляцьу футбол, якія ў Вас пляны на бліжэйшыя гады?
    - Да пераходу ў ФК “Баранавічы” я паўтары сезона працаваў гуляючым трэнэрам у МТЗ–РІПО. Таму натуральна, што пазьней я буду спрабаваць застацца ў футболе. Ня ведаю як атрымаецца, але буду спрабаваць. Што ж датычна таго як доўга буду гуляць, то заўтра абаронца можа мяне “пераехаць” і ўсё. Я ж ужо не малады гулец.


    Вы як нападаючы маеце вельмі вялікі досьвед. Ці бывае у вас адчуваньне што метавіта той ці іншы ўдар скончыцца голам?
    - Натуральна бывае, што адчуваю “зараз у брамніка ці абаронцаў будзе зрэзка”, “зараз здолею патрапіць”. Аднак сталым прадбачаньнем я б гэта не называў.


    Частка баранавіцкіх балельшчыкаў летась казала так: “Путраш не надта бегае. аднак у яго залатая галава”...
    - Калі лічыць леташнія галы, то галавою я забіў мусіць толькі з траціну мячоў. Натуральна, што з-за майго росту я выдзяляюся таму можа і складаецца такое ўражаньне. Хаця па гэтай жа прычыне мне і ставяць задачу бароцца “на другім паверсе”.


    Вернемся да вашых выступаў за ФК “Баранавічы”. Які з матчаў вы запомнілі болей за ўсё?
    - Мусіць мінулагодні матч у Шклове калі мы датэрмінова забясьпечылі сабе выхад у першую лігу. Уся каманда гэтага чакала, чакалі і спагадачы. У нас з Андрэям Свірковым ужо быў момант калі мы ў адной камандзе выходзілі зь лігі ў лігу. Аднак летась гэтага посьпеху чакалі спагадачы, якіх на нашым стадыёне заўсёды некалькі тысяч. Таму адчуваньне зусім іншае.

 
    Сёлета ў камандзе зьявілася традыцыя пасьля матчаў падыходзіць да трыбунаў і дзякаваць спагадачам. Хто быў ініцыятарам гэтага трэнэры ці гульцы?
    - Гэта ішло ад гульцоў. А трэнэры такую традыцыю толькі вітаюць. Што да нас, то натуральна хочацца аддзячыць спагадачоў за падтрымку. Прыемна, калі такая колькасьць людзей чакае твайго посьпеху. У вышэйшай лізе, мусіць, такога няма. Калі некалькі тысяч табе апладуюць, то адчуваньні вельмі моцныя.


    І на разьвітаньне яшчэ адно пытаньне. Спагадачы, вядома чакаюць ад каманды толькі перамогаў. А які вынік сезону задаволіць гульцоў?
    - Я мяркую, што па ходу чэмпіяната нам рэальна зачапіцца за тройку. Канешне, “Лакаматыў” дагнаць амаль не рэальна. Аднак, наколькі я ведаю, усе ў камандзе жадаюць пераходу вышэй. 

 

Iгар ТЫШКЕВIЧ

 Rambler's Top100