Вернуться на главную страницу сайта    Вернуться на главную раздела

  

Газета "Баранавiцкi футбол". №3 (9). 19.08.2004.

АНДРЭЙ ХРЫПАЧ:
«Я ГУЛЯЮ ЗА КАМАНДУ»

Интервью с Андреем Хрипачом (защитник ФК "Барановичи").


    ХрипачАндрэй, Вы вельмі заўважны на полі. Гэта адзначаюць і спагадачы і журналісты. У гэтым сезоне Вас некалькі разоў называлі самым карысным гульцом ФК “Баранавічы”. Як вы ставіцеся да такой вядомасьці?
    - Я гуляю за каманду. Імкнуся зрабіць усё каб была перамога, лепшы вынік. Акрамя таго, апошнім часам, вы мусілі заўважыць, усё больш атакаў пачынаюць развіваць ня толькі зьлева. У гэтым нічога кепскага няма. Калі атрымліваецца – гэта цудоўна. Футбол – калектыўная гульня. Я не хачу апынуцца ў стане, калі буду казаць “дайце мне пас і стойце – сам усё зраблю”. Гуляць мусяць усе. Часам атрымліваецца, што па праваму флангу і ў цэнтры завязваюць гульню і, калі я вольны перадаюць мяч мне. А мы з Кіпрай вядзем далей па броўцы. Калі ў мяне адкрываецца вольная зона, я карыстаюся шанцам. Гэта дае плён. Да таго ж я сам схільны да атакі. Што да адзначэньня мяне як самага карыснага, то кожны чалавек памыляецца. І я ня выключэнье. Можа, мае памылкі менш заўважаюць. Аднак футбол – калектыўная гульня. Хтосьці ў пэўным моманце згуляў ня лепшым чынам, хтосьці падстрахаваў.


    Андрэй, вас часта заўважаюць за выкананьнем стандартаў. Гэта звыклая для Вас роляў у камандзе?
    - Гэта ідзе яшчэ з часоў калі я выступаў у Бабруйску. Часта менавіта мне давяралі біць штрафныя, кутавыя. Плюс я адпрацоўваў некаторыя хітрыкі. Тут таксама так павялося. Але ж я ў Баранавічах такі не адзін. Калі штосьці ня пойдзе, то падае і Маляўка і іншыя. Я ж стараюся як найлепей падаць, каб быў вынік.


    Вы сказалі, што футбол — гульня калектыўная. Як бы вы ахактарызавалі калектыў ФК “Баранавічы”?
    - Я б сказаў група аднадумцаў, але перш-наперш калектыў прафесіяналаў. Нашай камандзе па сілах вышэйшая ліга. У той жа час багата залежыць і ад фінансавага боку. Вы разумееце, што выйсьці ў вышэйшую лігу і ня мець моцнага інфраструктурнага падмурку ня самая лепшая пэрспэктыва. У такім разе каманда можа “рассыпацца” за некалькі месцаў.


    А ці ёсьць жаданьне перайсьці ў вышэйшую лігу ў гульцоў каманды?
    - Канешне, жаданьне ёсьць. Я сам ўжо выступаў у Вышэйшай лізе. А маладым гульцам хочацца пагуляць сярод мацнейшых каманд, давесьці што яны ня горшыя (а часам і лепшыя) за шмат якія клюбы. Для іх гэта і пэрспэктывы і магчымасьці падвысіць сваё майстэрства. Моладзь у нас амбіцыйная.


    А як склаліся стасункі ў камандзе паміж маладымі гульцамі і больш старэйшым пакаленьнем?
    - Я таксама ў свой час быў маладым іграком. Калі я пачынаў, нас было і паменей і выпускалі нас збольшага на замены. Каб мы “аббіваліся”, назапашвалі досьведу. Тут жа, у Баранавічах, моладзі паболей і выпускаюць часьцей. Калі ласка, гуляй, паказвай што можаш. Мы ж стараемся чымсьці дапамагчы, парадзіць моладзі.


    Канкурэнцыю з боку маладых адчуваеце?
    - Яны таксама растуць, глядзяць на старэйшых, імкнуцца гуляць лепей за нас. Будуць гуляць лепей за старэйшых – калі ласка. Сьвята месца пуста не бывае. І нічога страшнага не адбудзецца. Гэта футбол, спартовае жыцьцё. За іх і за каманду можна будзе толькі парадавацца. Калісьці і я быў маладым, кагосьці пасунуў. Гэта футбол.


    А як Вы самі, пасьля выступаў у вышэйшай лізе ставіцеся да гульні за ФК “Баранавічы”?
    - Я прыехаў сюды ня проста красавацца: “Вось я які гулец вышэйшае лігі”. Я прыехаў працаваць. Што да ўражаньняў, то ўзгадаў маладосьць, калі я гуляў у Бабруйску. Тады прыходзіла амаль столькі ж спагадачоў. А тут такой футбольны бум, што проста гуляй і радуйся футболу. Гуляй для спагадачоў, гуляй для калектыва.


    Што было для Вас цікавей: ранейшыя выступы ці цяперашняя гульня за наш клюб?
    - Кожная стадыя цікавая па-свойму. Тут я быццам бы пачынаю праходзіць сваю другую маладосьць. Некаторыя, канешне, кажуць з пагардай “вось ён апусьціўся ў ніжэйшую лігу...” Я ж зазначу, што багата па якіх паказчыках гульня ў першай лізе значна больш цяжкая за гульню ў вышэйшай. У першай лізе больш праяўляюцца байцоўскія якасьці. А часам і проста не даюць гуляць, болей грубасьці на полі. Нават па гэтаму году некаторыя матчы ў нас былі мацней чым у вышэйшай лізе.


    Калі параўнаць ФК “Баранавічы” леташняга ўзору і сёлетні, то якая каманда на Вашую думку мацней?
    - Я магу сказаць, што летась мы мелі некалькі магчымасьцяў праверыць клас. Тая ж гульня з Салігорскам. Спагадачы, я думаю, памятаюць яе. Там нам трохі не хапіла фізычнай падрыхтоўцы. Бо тыя ж перадсезонныя зборы (чаго ў нас не было) таксама вялікая справа. Мне ж падаецца што па-свойму была добрай тая каманда, па-свойму сёлетняя. Тое ж што ў другой лізе збольшага выйгравалі а тут не... У першай лізе і ўзровень каманд вышэйшы. Там было шмат маладых супернікаў і мы часта “бралі на класе”, тут узровень вышэй.


    Якое месца па выніках чэмпіянату можа заняць наш клюб па Вашых прагнозах?
    - Я не прыхільнік загадваць. Але скажу, што мы будзем гуляць на найвышэйшы вынік. Паверце, калі бываюць пройгрышы, то ня толькі на трыбунах чутно “Чаму ня выйгралі”. У кожнага футбаліста ёсьць душа і яму не абыякава. Плюс мы бачым, колькі народу чакае нашай перамогі. І хочацца апраўдаць гэтыя чаканьні. У іншых гарадах нават кажуць “вам добра гуляць – у вас футбольны бум”. Нават у Бабруйску, сваякі, знаёмыя цікавяцца.


    Сям’я ў Бабруйску?
    - Так. Пакуль я тут, а сям’я ў Бабруйску. Але ж калі атрымаецца перайсьці ў вышэйшую лігу, то не выключана, што...


    Пераедзеце сюды?
    - Калі канчаткова не пераеду, то прынамсі сям’я будзе жыць са мною, ў Баранавічах.

 

Iгар ТЫШКЕВIЧ

 Rambler's Top100